Музейные уроки по истории и белорусской литературе

11.11.2015

Музейные уроки по истории

25 верасня 2015 года вучні 6 “Б” класа наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Гэтая экскурсія была заключным урокам па раздзеле вучэбнага дапаможніка па беларускай літаратуры “Мой род. Родная зямля. Народ”. На працягу пяці ўрокаў звярталася ўвага вучняў на патрыятычны пафас твораў, патрэбна было дапамагчы ўсвядоміць неабходнасць шанавання свайго роду, сваякоў, захавання іх памяці і традыцый. Галоўная мэта вывучэння твораў у гэтым раздзеле заключана ў абуджэнні  ў вучняў усведамлення таго, што чалавек – выключная, непаўторная асоба, якая наследуе якасці, рысы, прыкметы сваіх бацькоў і дзядоў, свайго роду, і кожны абавязаны ведаць і шанаваць сваіх продкаў. Патрэбна дапамагчы падлеткам зразумець, што чалавек – маленькая часцінка свету – належыць да свайго народа і павінен годна яго прадстаўляць, ведаць сваю гісторыю і ганарыцца ёю, любіць і берагчы родную зямлю.

Пакуль ішлі да музея, дзеці атрымалі інфармацыю пра парк: кім і калі быў заснаваны, чаму з’яўляецца гістарычным помнікам, чаму менавіта такія дарожкі выкладзены з каменю, за якія грошы агароджаны. Дзеці павінны былі прыйсці да выніку, што не парушецца сувязь пакаленняў, і гэта галоўнае.

1 зал музея быў прысвечаны прыродзе. Дзеці даведаліся, якія птушкі, звяры, рыбы, жукі, матылькі жывуць на Століншчыне. Асабліва спадабаліся лосі і мядзведзь. Гэты чароўны свет флоры і фаўны застаўся нам ад продкаў, і мы павінны зрабіць усё магчымае і нават немагчымае, каб захаваць яго для нашчадкаў – такі вывад зрабілі шасцікласнікі.

У 2 зале знаходзіліся рэчы, што былі знойдзены пры раскопках: косці, гаршкі, прылады працы. Некаторыя рэчы дзеці ўжо бачылі і з задавальненнем расказвалі, а некаторыя былі для іх дзіўнымі. Так вучні не змаглі адказаць на пытанне, як рабіліся дзіркі ў камянях, як раней харанілі людзей. Звесткі з далёкай гісторыі былі цікавымі і пазнавальнымі.

3 зал прысвечаны знакамітаму роду Радзівілаў. Дзеці ўбачылі вялізнае радаводнае дрэва гэтай сям’і і змаглі параўнаць са своім (рабілі на ўроку літаратуры), пабачылі макет замка Радзівілаў (стала шкада, што нельга ўзнавіць, а было б цікава паглядзець, што было ўсярэдзіне). Даведаліся, што у Церабяжове быў замак Алешаў (з гэтага роду выйшаў знакаміты пісьменнік), а рускі паэт А.Блок служыў у Лунінцу, пабачылі гістарычны фотаздымак станцыі Гарынь, зразумелі, як выкладвалася раней дарога і чаму называлася яна “гаць”. Шасцікласнікі зразумелі сувязь паміж беларусамі, палякамі і рускімі, наколькі моцна гістарычна  пераплецена карэнне, і яге не магчыма разарваць, а патрэбна толькі ганарыцца: сваёй зямлёй, своім народам, сваёй гісторыяй.

4 зал прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Дзецям было цікава, што на Століншчыне размешчана 5 мест растрэла (11 верасня было растраляна 8 партый людзей і ў кожнай па 1 тысячы, помнікам усіх загінуўшых з’яўляецца Стасіна), спалены 21 населены пункт (сярод іх Манькавічы, Варані, Рубель). У гэтым зале дзеці зразумелі ўвесь жах фашызму, прыйшлі да выніку, што такое больш не павінна паўтарыцца, адчулі вялікі гонар за свой народ, які цаной вялікіх страт перамог у гэтай жудаснай вайне. 

5 зал быў прысвечаны адраджэнню прамысловасці. Першым стаў працаваць хлебазавод, другім – масла-сырзавод, пасля з’явіўся камбінат будаўнічых матэрыялаў (дзеці ўбачылі, якая цэгла выпускалася раней). Адведзена месца было і вайне у Афганістане. Нашы землякі гінулі на чужой зямлі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, яны проста не маглі інакш. Дзеці мала ведаюць пра гэтую вайну, ім было шкада маладых моцных салдат. Але гонар за тое, што такія людзі жылі пабач, што яны ўзнагароджаны ардэнамі і медалямі за доблесць і мужнасць, перапаўнялі сэрцы вучняў.

6 зал, заключны, быў этнаграфічны. Некатарыя экспанаты дзеці бачылі ў школе, пра некаторыя з задавальненнем расказвалі, а прызначэнне большасці ўсё ж не ведалі. Пад канец экскурсіі ўжо маглі адказаць на пытанні: чаму лапці былі непрамакаемыя, што за прылада працы падобная на вясло, што такое “гумно”, якія былі рушнікі, як выпякалі хлеб, ад чаго залежаў розны яго смак, як дзяўчынак рыхтавалі да вяселля і як яны павінны былі сабе нарыхтаваць пасаг. Гэты зал выклікаў буру станоўчых эмоцый, дзеці далучыліся да жыцця продкаў, убачылі іх быт.

Урок у музеі быў цікавым, пазнавальным і карысным, што стала цудоўным завяршэннем вывучэння тэмы.